artdemidow@narod.ru

 

 


Вера Гудзей-Каштальян

Аляксандр Дзямідаў з шэрага тых беларускіх мастакоў, якія ў 90-я гады мінулага стагоддзя трапілі ў аб’ектыў замежнага мастацка-творчага жыцця. Гэта былі выстаўкі ў Брусэлі, у Лейпцыгу, а ў 1997 годзе яго работы прыцягнулі ўвагу галандскай галерэі ТПітэр БрэйгельУ. За гэты час карціны мастака пабывалі ў розных краінах - у ЗША, а таксама ж у Расіі і ў Літве. У Беларусі выстаўкі А.Дзямідава ладзяцца з устойлівай перыядычнасцю, хаця і не вельмі часта. Можа таму ён так чуйна рэагуе на цікавасць да сваёй творчасці менавіта на радзіме, усведамляючы, як цудоўна быць вядомым і запатрабаваным у родным і блізкім мастацкім асяроддзі, пра што і выказаўся падчас адкрыцця персанальнай выставы ў сталічнай галерэі "ЛаСандр-арт".

УХМЫЛКА ЧАШЫРСКАГА КАТА...


Сваю першую "мінскую" выстаўку ў 1995 годзе Аляксандр Дзямідаў прысвяціў выдатнаму французскаму мастаку Марысу Дэні, які ўскосна паўплываў на станаўленне яго мастацкага густу падчас выпрацоўкі ўласнага аўтарскага стылю. Ён вельмі паважліва ставіцца да Поля Гагена, яго вучняў-паслядоўнікаў і прадстаўнікоў групы "Набі" (што значыць "прарокі"), і небезпадстаўна лічыць, што такія плыні, як імпрэсіянізм і постімпрэсіянізм абмінуць не змог ніводны сучасны мастак. Але, між іншым, Тменавіта ў замежжы, - сцвярджае Дзямідаў, - пачынаеш адчуваць сваю непадобнасць да іншых заходнееўрапейкіх мастацкіх школ, нават да расійскіх, або ўкраінскіх мастакоў.

Шлях да прафесійнай самасвядомасці ў жывапісным мастацтве для А.Дзямідава не быў першапачаткова мэтанакіраваным. Ён наогул марыў быць археолагам ці падводнікам. Тым часам наведваў мастацкую студыю, куды яго адвяла маці, потым, дзякуючы яе настойлівасці, паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Ён то хацеў быць мастаком, то адмаўляўся. Некалькі разоў спрабаваў паступіць у ВНУ ў Ленінградзе, у Мінску, і толькі на другім курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў дакладна вызначыў для сябе, калі нечым займацца ў жыцці, то трэба рабіць гэта сур’ёзна і шмат працаваць, бо насамрэч праца мастака – гэта не вольнае багемнае жыццё, як камусьці здаецца. Гэта – штодзённая праца і таксама ж чаканні, прадчуванні, хваляванні і, нарэшце, прыемная асалода, якую заўсёды адчуваеш ад таго, што зроблена ўласнымі рукамі і з любоўю. А персанальныя выставы для мастака, гэта, перш за ўсё, – своеасаблівая дэманстрацыя выніку гэтай працы. Між іншым, мяркую, А.Дзямідаву таксама прыемна было даведацца, што, напрыклад, мінулай восенню ў Адэсе адну з яго карцін набыў вядомы грузінскі спявак Вахтанг Кікабідзе. Хаця іншым разам ён дакладна і не ведае, да каго трапляюць яго работы, акрамя тых, якія ён падараваў сваім сябрам ці родным.

Сёлетняя выстаўка карцін А.Дзямідава, арганізаваная галерэяй "ЛаСандр-арт" у Мінску, можа кампенсаваць недахоп цяпла, святла, добрага настрою і іншых традыцыйных прыемных летніх уражанняў, калі некаму гэта патрэбна. Але ж творы мастака прывабныя не толькі ўяўнымі летнімі вобразамі і фарбамі. Дарэчы, выстава не мае агульнай назвы, хаця мастак раздумваў на гэты конт. У рэшце рэшт ён пагадзіўся з меркаваннем, што назва любой прадстаўленай карціны можа азагаловіць выставу. Узяць хаця б такія, як ТАпошнія навіныУ ці "Садоўнік", альбо ТПрагулка РыбкіУ ці ТАпошні дзень летаУ. Не паспееш азірнуцца, як лета і сапраўды скончыцца, таму на выставе можна пабачыць усе яго выявы і нават ТБабіна летаУ. Між іншым, А.Дзямідаў лічыць, што наогул назва - гэта не самамэта, карціны самі павінны гаварыць за сябе. Можна прыдумаць цікавую назву, але ж мастацкі твор, магчыма, не будзе выяўляць яе змест ці галоўную думку.

І сапраўды, калі кінуць нават беглы позірк на жывапісныя работы, прадстаўленыя на выстаўцы, можна адзначыць, што карціны – нібыта серыя ілюстрацый да дзіцячай кніжкі, якая яшчэ не толькі не выдадзена, але нават і не напісана. І кожны з наведвальнікаў выстаўкі можа стаць яе аўтарам. Напэўна ж, не трэба доўга распавядаць пра тое, што ёсць кніжная ілюстрацыя, але ж нагадаю, што гэта не самастойнае па сюжэце аўтарскае самавыяўленне. Мастак павінен перш за ўсё зрабіць зрокавым літаратурны твор, яго ідэі, вобразы, магчыма, і больш глыбокія яго псіхалагічныя бакі. Здаецца, што А.Дзямідаў прапануе адваротныя стасункі. Дарэчы, так нярэдка адбываецца, напрыклад, у песенным жанры, калі паэтычны тэкст сачыняецца ўжо на створаную музыку, а не ў традыцыйнай паслядоўнасці - кампазітар знаходзіць цудоўныя паэтычныя радкі і пад іх уплывам, на хвалі парыву творчага натхнення стварае музыку.

Аднак А.Дзямідаў ніколі не займаўся кніжнай ілюстрацыяй, а прадстаўленыя на выставе карціны ствараліся ў розныя гады. І ўсё ж такі, размешчаныя ў пэўнай паслядоўнасці, яны прэзентуюць дакладна акрэслены свет вобразаў, у якім пануюць летуценнасць, лёгкая задуменнасць, шчырасць і добразычлівасць, і наогул непасрэдныя эмоцыі, уласцівыя дзіцяча-юнацкаму ўзросту. Як высветлілася, некалі А.Дзямідаў працаваў бутафорам у лялечным тэатры. Ён вельмі любіць тэатр, але ж знанае тэатральнае закуліссе аказалася не для яго. Яму больш да спадобы іншае – уласна ствараемае мастацкае асяроддзе, вобразы рэальныя ці ірэальныя, да якіх час ад часу мастак вяртаецца і працягвае з імі свой дыялог.

А.Дзямідаў сцвярджае, што жанр яго карцін – гэта сюжэтная кампазіцыя, менавіта ён дапамагае рэалізаваць, увасобіць мары, фантазіі на палатне. ТПроста ты ствараеш свой свет, па сваім жаданні мяняеш, трансфармуеш яго. Гэта захапляльна і зачаравальна!У- гаворыць мастак. У гэтыі свеце быццам усё звычайнае і дастаткова канкрэтызаванае - "Маякі", ТБрат і сястра. Дзень і ночУ, ТАпошні дзень летаУ, "Тры ўзросты", "Дзяўчына з веерам", "Садоўнік". Ёсць і больш ТсюжэтныяУ азначэнні карцін - "Лебедзі заплылі ў наш фарватэр... Я вырашыў ім не перашкаджаць...", "Вяртанне з рыбалкі", "Пара. Шэсце." Між іншым, мастак сцвярджае: ТАдзінае, што я не раблю ўвогуле, дык гэта не пішу з натуры. Мяне цікавіць нерэальны свет. Калі паказваць чалавека, то ўмоўна...У Але, каб зразумець, пра што ідзе гаворка, трэба ўсё ж такі пабачыць твлоры на ўласныя вочы.

Мастацкі свет карцін ствараюць, перш за ўсё, арыгінальныя фантазійныя прапорцыі, нешта накшталт тых пераўтварэнняў, што адбываліся з Алісай у краіне цудаў ці па той бок люстэрка: вялікае робіцца маленькім і, наадварот, адбываецца цікавая гульня незвычайнай сіметрыяй, выкарыстоўваюцца і люстраныя эфекты, і матрошкавыя памнажэнні. Кампазіцыйныя ўмоўнасці выяў, дзе домікі памерам са смаўжа, а боты як маленькія чалавечкі; дзе лёгка могуць узнікнуць гарбузовая піраміда, цюльпанавы веер, рыба-паветраны шарык і іншае, дазваляюць мастаку нібыта ажывіць нейкія літаратурныя вобразы-метафары, а колерава-светлавая гама карцін, у якой пануюць цёплыя, спакойныя тоны, на самай справе вельмі набліжае гэтыя мастацкія вобразы да гледача. Каларыт карцін даволі насычаны і выразны, але не імпульсіўны; адразу нават не заўважаеш, што, напрыклад. каты, намаляваныя мастаком, маюць дзіўную афарбоўку. Зрэшты, сучасныя генетыкі робяць сапраўдныя цуды, выводзячы новыя пароды незвычайных колераў і ўзораў, але ўсё роўна здзіўляюць красныя, ліловыя, ружовыя, блакітныя і іншыя нечаканыя каціныя афарбоўкі.

У А.Дзямідава сваё ўласнае стаўленне да колеравых вобразатвораў. Не важна, якога колеру неба ці кветкі, галоўнае, лічыць ён, знайсці колеравую гармонію, суладдзе колераў на карціне. ТНяма непрывабнага, непрыгожага колеру, ёсць няправільныя ТадносіныУ- гаворыць мастак. Тое ж тычыцца і шэрага сімвалічных выяў, сярод якіх цюльпаны – абагульняючы вобраз кветкі, а маленькі папяровы караблік – увасабленне вобраза дзяцінства. Амаль усе яны - ліхтарыкі, караблікі, марскія далі - набываюць значнасць лейтматыўнага кшталту альбо нязначна вар’іруюцца, гэтак жа, як і некаторыя вобразы-персанажы карцін: малады марак альбо хлопчык у цяльняшцы, прывабныя дзяўчынкі, рыбы, каты... Цікавы сімбіёз? Але ў кожным асобным выпадку менавіта ён дапамагае аўтару ствараць своеасаблівую зместавую рамантыку і вобразную летуценнасць карцін і нават своеасаблівы віталізм некаторых рэчаў. Наогул здаецца, што тут і рыбы, і каты, і нават боты больш гаваркія, чым людзі.

У кожнай карціне А.Дзямідаў імкнецца выявіць суладдзе паміж чалавекам і яго асяроддзем, і выстава пакідае адчуванне добразычлівасці, душэўнага спакою, унутранай гармоніі, якія яшчэ доўга захоўваюцца пасля яе наведвання. Гэты стан захоўваецца, нібыта ўхмылка вядомага Чашырскага Ката, якая таксама застаецца, у той час як згаданага цікавага і загадкавага персанажа побач ужо няма. Мастака прыцягвае такі стан, ён ведае яго прывабнасць і для ўсіх тых, хто. як і ён. можа ажыўляць метафары, даваць лагічныя абгрунтаванні нечаканаму, неверагоднаму, фантазійнаму і ведае, што знакамітая сваёй хітрамудрасцю ўхмылка Чашырскага Ката – гэта сімвал іроніі – мяккай, схаванай насмешкі. Але ж іроніі менавіта тонкай, далікатнай, амаль непрыкметнай, якая, здаецца, не зусім насмешка, калі мець на ўвазе яе прамое прызначэнне, а больш падобная на самасузіранне, самапаглыбленне, самапазнанне. Яна таксама дае магчымасць па-іншаму - разважліва, спакойна, па-філасофску - паглядзець на такі дынамічны, імклівы, часам драматычна-неўраўнаважаны сучасны свет.